Технологии Blogger.

четверг, 18 сентября 2014 г.

Граматычныя разборы

Фанетычны разбор
1.                Назваць, колькі ў слове складоў і на які з іх падае націск.
2.                Ахарактарызаваць галосныя гукі (націскныя, ненаціскныя) і сказаць, якімі літарамі яны перадаюцца.
3.                Ахарактарызаваць зычныя гукі (санорныя, звонкія ці глухія; зацвярдзелыя, цвёрдыя ці мяккія; свісцячыя, шыпячыя) і сказаць, якімі літарамі яны перадаюцца.
4.                Назваць колькасць гукаў і літар у слове.

Марфемны разбор
1.                Выдзеліць канчатак.
2.                Выдзеліць аснову слова.
3.                Назваць корань (для гэтага змяніць слова або падабраць да яго аднакаранёвыя).
4.                Выдзеліць суфіксы, прыстаўкі, постфіксы (калі ёсць), а ў складаным слове і інтэрфіксы (злучальныя галосныя).


Словаўтваральны разбор
1.                Знайсці зыходнае слова або яго аснову (улічыць лексічнае значэнне гэтага слова і слова, ад якога яно ўтворана).
2.                Назваць спосаб словаўтварэння:
*   Прыставачны
*   Суфіксальны
*   Постфіксальны
*   Нуль-суфіксальны
*   Прыставачна-суфіксальны
*   Прыставачна-постфіксальны
*   Суфіксальна-постфіксальны
*   Асноваскладанне
*   Словаскладане
*   Складанасуфіксальны
*   Абрэвіяцыя
3.                Назваць сродак словаўтварэння: суфікс, прыстаўку і г. д., пры дапамозе якіх утварылася гэтае слова.
  
Марфалагічны разбор самастойных часцін мовы
1.                Назваць часціну мовы і пачатковую форму слова, калі яно скланяецца або спрагаецца.
2.                Пасля назваць:
*   У назоўніках – назваць разрад (уласны ці агульны, адушаўлёны (асабовы, неасабовы) ці неадушаўлёны, канкрэтны ці абстрактны, зборны, рэчыўны); род, скланенне; ужываецца ў форме ... ліку, ... склону.
*   У прыметніках – разрад па значэнні (якасны, адносны, прыналежны), ступень параўнання (у якасных), поўная або кароткая (у якасных) форма; ужываецца ў форме ... ліку, ... роду (у адз. ліку),  ... склону.
*   У лічэбніках  - разрад (колькасны, дробавы, зборны або парадкавы); просты, складаны ці састаўны; ужываецца ў форме ... ліку, ... роду (у адз. ліку), ... склону.
*   У займенніках – разрад па значэнні (асабовы, зваротны, прыналежны, пытальны, адносны, азначальны, указальны, адмоўны, няпэўны), ужываецца ў форме ... склону, ... ліку (калі ёсць), ... роду (калі ёсць).
*   У дзеясловахдля спрагальнай формы: трыванне (закончанае, незакончанае), пераходны ці непераходны, зваротны ці незваротны, спражэнне; ужываецца ў форме ... ладу, ... часу (у абвесным ладзе), ... ліку, ...асобы або ... роду.
*   Для неспрагальных форм
*   У інфінітыве – трыванне (закончанае ці незакончанае), пераходны ці непераходны, зваротны ці незваротны.
*   У дзеепрыметніках – назваць пачатковую форму (Н.с., адз. л.,м.р.), трыванне, стан (залежны, незалежны), калі мае кароткую форму, адзначыць гэта, час; ужываецца ў форме ... ліку, ... роду (у адз.ліку), ... склону.
*   У дзеепрыслоўях – трыванне, зваротны ці незваротны
*   У прыслоўях – разрад па значэнні (часу, месца, прычыны, мэты, спосабу дзеяння, умовы, уступкі і г. д.), разрад па паходжанні (вытворнае, невытворнае), адзначыць пры наяўнасці ступень параўнання.
3.                Вызначыць сінтаксічную ролю ў сказе.




Марфалагічны разбор службовых часцін мовы
1.                Назваць часціну мовы.
2.                Адзначыць:
*   У прыназоўніках – невытворны ці вытворны, просты, складаны ці састаўны, з якім словам ужываецца.
*   У злучніках – злучальны (спалучальны, супраціўны, размеркавальны, далучальны) ці падпарадкавальны (часу, месца, спосабу дзеяння, прычыны, мэты, умовы, уступкі, параўнальны), адзіночны, паўторны ці парны, просты ці састаўны.
*   У часціцах – разрад па значэнні (мадальная, сэнсавая, эмацыянальная ці формаўтваральная).

Сінтаксічны разбор словазлучэння
1.                Выдзеліць словазлучэнне са сказа.
2.                Расказаць пра будову словазлучэння: знайсці галоўнае і залежнае словы і назваць, якімі часцінамі мовы яны выражаны; вызначыць спосаб сінтаксічнай сувязі (дапасаванне, кіраванне, прымыканне).
3.                Вызначыць граматычнае значэнне слдовазлучэння.

Сінтаксічны разбор простага сказа
1.                Знайсці граматычную аснову сказа і паказаць, што сказ просты.
2.                Назваць тып сказа па мэце выказвання (апавядальны, пытальны, пабуджальны), адзначыць, клічны сказ ці няклічны.
3.                Сказаць пра будову сказа: а) двухсастаўны ці аднасастаўны (у аднасастаўных вызначыць тып – дзейнікавы /пэўна-асабовы, няпэўна-асабовы, абагульнена-асабовы, безасабовы, інфінітыўны/ ці назоўнікавы /назыўны/); б) неразвіты ці развіты; в) поўны ці няпоўны.
4.                Адзначыць, калі сказ ускладняецца аднароднымі членамі, адасобленымі членамі сказа (дзеепрыметнымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі і інш.), звароткам, пабочнымі словамі, устаўнымі канструкцыямі.
5.                Разабраць сказ па членах  сказа і назваць, чым яны выражаны.

Сінтаксічны разбор складанага сказа
1.                Вызначыць, які гэта сказ – злучнікавы (складаназлучаны, складаназалежны), бяззлучнікавы ці сказ з рознымі відамі сувязі
2.                Вызначыць колькасць частак у сказе і іх межы [  ]  (  ).
3.                Пасля вызначыць:
*   У складаназлучаным – якімі злучнікамі звязваюцца ў ім простыя сказы (спалучальны, супраціўны, размеркавальны, далучальны); што выражаецца (адначасовасць, паслядоўнасць, проціпастаўленне ці чаргаванне дзеянняў); потым кожная частка сказа разбіраецца як просты сказ; растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку.
*   У складаназалежным – назваць галоўны і даданы сказы; злучнікі або злучальныя словы, яуімі яны звязаны; пытанне, на якое адказвае даданы сказ; вызначыць, які гэта складаназалежны сказ ( з даданым азначальнай, дапаўняльнай, акалічнаснай - меры і ступені, мэты, часу, месца, умовы, спосабу дзеяння, прычыны і г. д). – часткай; пасля гэтага галоўная і даданая часткі разбіраюцца як простыя сказы.
*   У складаназалежным сказе з некалькімі даданымі часткамі – назваць галоўны і даданыя часткі; злучнікі або злучальныя словы, якімі яны звязваюцца; назваць віды даданых сказаў і вызначыць, якое гэта падпарадкаванне (паслядоўнае, сузалежнае (аднароднае, неаднароднае) або камбінацыя гэтых відаў); пасля гэтага галоўная і даданыя часткі разбіраюцца як простыя сказы.
*   У бяззлучнікавым – колькі простых сказаў уваходзяць у яго і як яны па сэнсу адносяцца адзін да аднаго (пералічэнне дзеянняў або фактаў, прычына, вынік, умова і г.д.); растлумачыць знакі прыпынку, якімі аддзяляюцца часткі сказа; пасля гэтага кожная частка разбіраецца як просты сказ.
*   У складаным сказе з рознымі відамі сувязі – называюцца віды сувязі: злучнікавая (злучальная, падпарадкавальная), бяззлучнікавая; вызначаецца колькасць структурных частак (блокаў) у сказе і сувязь іх паміж сабой; пасля гэтага кожная структурная частка (блок) разбіраецца як просты ці складаны сказ.

0 коммент.:

Отправить комментарий

 

Blogger news

Blogroll